Лідар з душой: як Ганна Лукашэвіч аб’ядноўвае калектыў «Белтэлекама» | Белтелеком

Лідар з душой: як Ганна Лукашэвіч аб’ядноўвае калектыў «Белтэлекама»

У сучасным свеце, дзе межы паміж працай і асабістым жыццём сціраюцца, знайсці баланс і пры гэтым захаваць унутраны агонь – задача не з лёгкіх. Брастчанка Ганна Лукашэвіч у гэтым плане ўнікальная жанчына. Яе прыклад даказвае: сумяшчаць маштабную грамадскую дзейнасць, творчасць, спорт і моцную сям’ю не проста магчыма, але і неабходна для паўнавартаснага жыцця. І для мяне, яе зямлячкі, гэта ўзор асобы, зараджанай на натхненне і крэатыў.

Не абавязак, а місія

Менавіта так кажа пра сваю працу Ганна Яўгенаўна Лукашэвіч, лідар прафсаюзнага руху Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам». Па дыпломах і фатаграфіях, якія ўпрыгожваюць сцены яе кабінета, можна прасачыць усю дзейнасць на гэтай ніве. «Гэта не проста ўлюбёная праца, а важная частка жыцця, – усміхаецца мая суразмоўніца і не без гонару дадае. – У мяне вельмі добрая каманда, цудоўны прафсаюзны камітэт. Усе вельмі актыўныя, крэатыўныя, пазітыўныя». А мяне не здзіўляе, што каманда якраз пад стаць свайму лідару. Ганна Яўгенаўна ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю больш за тры гады. Да гэтага там жа, у Брэсцкім філіяле «Белтэлекама», актыўнічала ў сферы культурна-масавай работы, а клуб сувязі на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў шмат гадоў фактычна выконваў ролю яе другога, творчага, дома. З прыходам на кіраўніцкую пасаду сфера дзейнасці пашырылася, ахапіўшы абарону інтарэсаў работнікаў і значна дадаўшы адказнасці. Але калі гэта спыняла Ганну…

Цяпер асаблівую ўвагу яна надае развіццю грамадскіх аб’яднанняў пры прафкаме – моладзеваму савету, савету жанчын і ветэранскай арганізацыі, лічачы іх залатым фондам прадпрыемства. «Прафсаюз – гэта не пра падарункі і матэрыяльную дапамогу, гэта падтрымка людзей у рамках Калектыўнага дагавора, які ў нас адзін з лепшых у краіне. Прафсаюз – гэта абарона інтарэсаў работнікаў, – упэўнена Ганна Лукашэвіч. – Мне вельмі хочацца зрабіць жыццё нашых супрацоўнікаў у калектыве яркім і разнастайным, а працоўны дзень каб праходзіў не толькі ў рамках кабінета. Часам людзі працуюць дзесяцігоддзі і не ведаюць, наколькі яны таленавітыя ў тым ці іншым плане і якія моманты могуць іх аб’ядноўваць».

Чытаць падрабязней на сайце газеты «Зара».